РАДЫЕМЕТРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ, радыеметрыя, радыеметрычная разведка,
комплекс метадаў геафізічнай разведкі карысных выкапняў і вывучэння нетраў Зямлі, заснаваных на рэгістрацыі выпраменьванняў прыродных і штучна выкліканых радыеактыўных палёў (гл. Радыеактыўнасць). Існуе больш за 50 метадаў, аб’яднаных у групы плошчавай і профільнай (для карціравання распасцірання радыеактыўных палёў), свідравіннай (радыеметрычнае даследаванне і апрабаванне керну горных парод) радыеметрыі.
Уключаюць гама-здымку, эманацыйную, радыегідрагеал., рэнтгенарадыеметрычную і гама-нейтронную здымкі. Для іх правядзення выкарыстоўваюцца альфа-, бэта-, гама-радыёметры і спектрометры. Радыеметрычныя даследаванні ў свідравінах і апрабаванне керну ажыццяўляюцца многаканальнымі спектрометрамі, імпульснымі генератарамі нейтронаў, спектрометрамі ядзерна-магнітнага рэзанансу і нейтронна-актывацыйнага аналізу. На Беларусі Р.м.р. выкарыстоўваюцца ў Геафізічнай экспедыцыі (Мінск) і Комплекснай партыі геафіз. даследаванняў свідравін (г. Мазыр Гомельскай вобл.) ВА «Белгеалогія», ва Упраўленні геафіз. работ у свідравінах (г. Рэчыца Гомельскай вобл.) ВА «Беларусьнафта». З дапамогай Р.м.р. выяўлены радовішчы калійных солей, фасфарытаў, бурых вуглёў, гаручых сланцаў, даўсанітаў і інш. Устаноўлены генет. і парагенетычныя сувязі карысных выкапняў з пашырэннем радыеактыўных элементаў і іх утрыманнем у пародзе. Радыеметрыя шырока выкарыстоўваецца для выяўлення радыяцыйнага забруджвання, звязанага з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.
А.Ш.Хайбулін.
т. 13, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)